ФІНА́НСАВЫ КАНТРО́ЛЬ,
форма дзяржаўнага кантролю, які ажыццяўляецца ў працэсе ўтварэння, размеркавання і выкарыстання фондаў грашовых сродкаў у нар. гаспадарцы. Яго асн. прызначэнне: з дапамогай фін. форм і метадаў забяспечыць праверку законнасці і правільнасці, а таксама эфектыўнасці выкарыстання грашовых фондаў дзяржавы, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў. Ф.к. з’яўляецца адным з інструментаў гасп. механізма і выкарыстоўваецца ў ходзе складання і выканання фін. планаў і каштарысаў, праверкі эфектыўнасці выкарыстання ў кіраўніцтве эканомікай таварна-грашовых адносін і эканам. рычагоў (цана, прыбытак, бюджэт і інш.). Гал. прынцыпы Ф.к.: галоснасць, рэгулярнасць, усеагульнасць, рэзультатыўнасць. Па формах правядзення Ф.к. падзяляецца на папярэдні, бягучы і Наступны. Папярэдні Ф.к. ажыццяўляецца перад афармленнем фінансава-гасп. аперацый і накіраваны на папярэджанне парушэнняў законаў і нерацыянальнага расходавання сродкаў. Бягучы Ф.к. праводзіцца ў час афармлення аперацый па паступленні даходаў, расходаванні грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей і інш.; наступны Ф.к. — пасля правядзення гасп.-фін. аперацый. Асн. метады Ф.к.: падліковыя праверкі бухгалтарскіх балансаў і справаздач, аналіз гасп. дзейнасці, сустрэчныя праверкі, інвентарызацыя таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, рэвізіі.
т. 16, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)